«БЕЛАРУ́СКАЯ КРЫНІ́ЦА»
(«Bielaruskaja krynica»),
штотыднёвая (у 1940 двухтыднёвая) грамадска-паліт. і літ. газета, орган Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД). Выдавалася з 21.10.1917 у Петраградзе, з № 3 за 1918 у Мінску, з 7.9.1919 да 12.7.1940 у Вільні (з 15.4.1937 да 16.11.1939 не выходзіла). Да 1925 і з 17.11.1939 наз. «Крыніца» («Krynica»). Друкавалася на бел. мове кірыліцай ці лацінкай, у 1934—39 двума шрыфтамі адразу. Пэўны час мела падзагалоўкі «Каталіцкая газета», «Сялянская газета». Была разлічана на сялян, інтэлігенцыю, жыхароў Зах. Беларусі і беларусаў у эміграцыі. У часы грамадз. вайны прапагандавала нац.-рэліг. ідэі. Даводзіла, што беларусы — грамадзяне Еўропы і маюць права на сваю дзяржаўнасць, свабоднае і шчаслівае жыццё. Спрыяла кансалідацыі беларусаў-католікаў і беларусаў-праваслаўных. Пісала аб праблемах развіцця мастацтва, л-ры, асветы на бел. мове, змяшчала матэрыялы сац.-паліт. характару. Падтрымлівала ідэю федэрацыі Беларусі і Літвы, хутарызацыю, парцэляцыю. Асвятляла дзейнасць Т-ва бел. школы, Бел. сялянскага саюза, Бел. студэнцкага саюза, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры. Падтрымлівала ідэі Бел. сялянска-работніцкай грамады, але крытычна ставілася да яе пралетарскай праграмы пра вядучую ролю адной партыі ў грамадстве. У 2-й пал. 1930-х г. працягвала прапагандаваць своеасаблівы шлях развіцця бел. народа. Шмат пісала пра міжнар. жыццё, становішча беларусаў у Латвіі, БССР і інш. Друкавала творы К.Сваяка, Ф.Грышкевіча, а таксама Т.Шаўчэнкі, І.Франко, М.Канапніцкай, Л.Талстога і інш. Тройчы закрывалася ўладамі. Выйшла 768 нумароў, 58 канфіскаваны. З 1991 у Мінску выдаецца аднайм. газета.
С.В.Говін.
т. 2, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)